
Акадэмічная (не)свабода ў Беларусі
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў падрыхтавала даклады для Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН і шостай сесіі Форуму па правах чалавека, дэмакратыі і вяршэнстве права на тэму «Адукацыя для грамадзянскага ўдзелу: пашырэнне правоў і магчымасцей будучых пакаленняў, развіццё ведаў і крытычнага мыслення». Гэтыя дакументы падрабязна апісваюць сістэмную кампанію беларускіх уладаў па абмежаванні акадэмічнай свабоды і падаўленні незалежнай студэнцкай дзейнасці пасля падзей 2020 года. Асабліва, мы звяртаем увагу на адсутнасць удзелу студэнтаў і студэнтак у кіраванні ўніверсітэтамі: навучальныя праграмы па-ранейшаму цэнтралізавана кантралююцца Міністэрствам адукацыі, а студэнты і студэнткі не маюць магчымасці ўплываць на змест сваіх адукацыйных праграм.
Студэнты і студэнткі пазбаўлены рэальных механізмаў удзелу ў кіраванні ўніверсітэтамі. Навучальныя планы жорстка зафіксаваныя і кантралююцца Міністэрствам адукацыі, а магчымасці для зваротнай сувязі або змянення навучальных курсаў практычна адсутнічаюць.
Незалежныя студэнцкія арганізацыі, у тым ліку ЗБС, абвешчаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі» і вымушаныя працаваць у выгнанні. Студэнты-актывісты і студэнткі-актывісткі падвяргаюцца крымінальнаму пераследу і адлічэнню з навучальных устаноў, а некаторыя з іх прызнаюцца палітычнымі зняволенымі.
Дзеючыя ў краіне моладзевыя арганізацыі цалкам падкантрольныя дзяржаве і служаць інструментам стварэння бачнасці падтрымкі ўлады. Удзел у іх часта з’яўляецца фактычна прымусовым пад пагрозай адміністрацыйных наступстваў.
Улады ўзмацнілі «патрыятычнае выхаванне», асабліва пасля 2020 года і поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. У падручнікі ўключаныя дзяржаўныя трактоўкі пратэстаў 2020 года як «спробы дзяржаўнага перавароту».
Ва ўніверсітэтах уведзены пасады прарэктараў па бяспецы, якія часта з’яўляюцца выхадцамі са спецслужбаў і ажыццяўляюць нагляд за супрацоўнікамі, супрацоўніцамі, студэнтамі і студэнткамі. Сацыяльныя сеткі студэнтаў і студэнтак правяраюцца на наяўнасць «экстрэмісцкага» кантэнту.
З мэтай запалохвання непасрэдна ў будынках устаноў вышэйшай адукацыі праводзяцца судовыя працэсы па палітычна матываваных справах. Пасля іх прадстаўнікі сілавых структур праводзяць лекцыі аб наступствах удзелу ў пратэстах.
Існуюць непрапарцыйныя квоты на карысць мужчын пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі, звязаныя з вайсковымі структурамі, Міністэрствам Унутраных Спраў і Міністэрствам па Надзвычайных Сітуацыях, а таксама пры размеркаванні месцаў у медыцынскай субардынатуры.
Адзначаецца пашырэнне супрацоўніцтва з расійскімі адукацыйнымі ўстановамі, арганізацыя паездак студэнтаў і студэнтак на акупаваныя тэрыторыі Украіны і ўдзелу ў мерапрыемствах, якія прасоўваюць расійскія наратывы.
Для выпраўлення сітуацыі Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў заклікае да правядзення структурных рэформаў: забеспячэння свабоды асацыяцый, стварэння празрыстых механізмаў удзелу студэнтаў і студэнтак у кіраванні, дэпалітызацыі адукацыі і выдалення супрацоўнікаў і супрацоўніц органаў дзяржаўнай бяспекі з адміністрацый устаноў вышэйшай адукацыі.
Даклады цалкам чытайце па спасылках:


