
Зона рызыка: моладзевы актывізм у Беларусі
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў падрыхтавала даклад для тэматычнай справаздача да 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН «Свабода мірных сходаў і асацыяцый: моладзевы актывізм пакалення Z і будучыня грамадзянскай прасторы». Мы прааналізавал ролю лічбавых інструментаў якія выкарыстоўваліся для мабілізацыі пратэстаў у 2020 годзе, а таксама рэпрэсіўныя меры ў адказ з боку дзяржавы, у тым ліку блакіроўкі інтэрнэту і лічбавае сачэнне.
У 2020 годзе Telegram стаў асноўнай платформай для каардынацыі пратэстаў, забяспечваючы хуткае распаўсюджванне інфармацыі і ўмацаванне гарызантальных сувязяў паміж пратэстуючымі. Акрамя месенджараў, важную ролю адыгралі анлайн-праекты для альтэрнатыўнага падліку галасоў («Голас») і маніторынгу парушэнняў («Зубр», «Сумленныя людзі»).
Дзяржава ўжывае шырокі спектр тэхнічных мер кантролю, у тым ліку наўмыснае абмежаванне доступу да інтэрнэту, фільтрацыю трафіку з дапамогай тэхналогій Deep Packet Inspection (DPI) і выкарыстанне звестак мабільнага білінгу ў якасці доказаў у судзе. Таксама зафіксаваныя выпадкі выкарыстання лічбавых правакацый у чатах для фабрыкацыі крымінальных спраў.
Улады актыўна выкарыстоўваюць артыкулы Крымінальнага кодэкса аб «экстрэмісцкіх фарміраваннях», «закліках да санкцый» і «абразе службовых асоб» для пераследу за практычна любую актыўнасць у інтэрнэце. Спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» абнаўляюцца штомесяц, што робіць рэпрэсіі пастаяннымі.
Прастора для незалежных студэнцкіх ініцыятыў унутры краіны практычна знішчаная; арганізацыі, у тым ліку ЗБС, прызнаныя «экстрэмісцкімі» і вымушаныя дзейнічаць у выгнанні. Студэнтаў і студэнтак сістэматычна адлічваюць па палітычных матывах і падвяргаюць крымінальнаму пераследу. Найбольш яскравым прыкладам гэтага стала «Студэнцкая справа».
Замест рэальнага ўдзелу студэнтаў і студэнтак у кіраванні ўніверсітэтамі ўлады выкарыстоўваюць падкантрольныя моладзевыя структуры для стварэння «бачнасці прадстаўніцтва» і арганізацыі пастановачных масавых акцый у падтрымку рэжыму.
Афіцыйны дыскурс мае патэрналісцкі характар: улады адмаўляюць наяўнасць у маладых людзей крытычнага мыслення, прадстаўляючы іх пратэсную дзейнасць як вынік маніпуляцый, каардынацыі і фінансавання з боку замежных суб’ектаў.
На сённяшні дзень асобныя меры па абароне правоў моладзі немагчымыя без усебаковых дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне і выканання прынцыпаў Балонскага працэсу ў сферы адукацыі.
Чытайце даклад цалкам па спасылцы:


