
Служыць, нельга адмовіцца: мілітарызацыя адукацыі ў Беларусі
С пачатку паўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, беларускі рэжым узяў курс на мілітарызацыю дзяржавы і грамадскага жыцця. Гэты трэнд таксама закрануў сферу адукацыі. Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў разам з Беларускім Нацыянальным Моладзевым Саветам «РАДА» прыгатавалі рапарт для Вярхоўнага Камісара па правах чалавека ААН. Мы прааналізавалі як адбываецца мілітарызацыя сістэмы адукацыі, ці могуць вучні адмовіцца ад удзелу ў ваенізаваных мерапрыемствах, як выглядае стан беларускага заканадаўства аб альтэрнатыўнай службе і ці адпавядае беларуская практыка міжнародным стандартам правоў чалавека?
Асноўныя тэндэнцыі ў беларускай адукацыі:
Хаця ў 2015 годзе быў прыняты закон аб альтэрнатыўнай службе, ён прызнае права на адмову ад воінскага абавязку выключна на падставе рэлігійных перакананняў. Гэта выключае абарону для тых, хто кіруецца этычнымі, маральнымі або палітычнымі перакананнямі, што супярэчыць міжнародным стандартам правоў чалавека.
У апошнія гады адукацыя ў Беларусі стала часткай дзяржаўнага механізма прымусу дзяцей і моладзі да ваеннай падрыхтоўкі без магчымасці адмовы па меркаваннях сумлення. Акадэмічная свабода вельмі абмежаваная, а курсы, якія фармальна лічацца факультатыўнымі, на практыцы з’яўляюцца абавязковымі.
Пад выглядам патрыятызму ў навучальных установах укараняецца ваенная падрыхтоўка і дысцыпліна. Ва ўсіх школах уведзена пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, які арганізуе парамілітарныя навучальныя мерапрыемствы і кантралюе ўдзел у іх вучняў.
Узмацненне ваеннай падрыхтоўкі ў школах і ВНУ: у 10-х класах абавязковая «дапрызыўная падрыхтоўка» для юнакоў была падвоеная па працягласці (да 10 дзён) і цяпер уключае палявыя зборы ў вайсковых частках. У вышэйшых навучальных установах пашыраецца сетка ваенных кафедраў, а базавую ваенную падрыхтоўку плануецца зрабіць абавязковай для ўсіх студэнтаў.
З 2023 года ў школах і каледжах актыўна ўкараняюцца праграмы навучання кіраванню беспілотнымі лятальнымі апаратамі (БПЛА). Да верасня 2025 года гэта навучанне стала часткай школьнай праграмы, цесна звязваючы тэхнічныя навыкі з індактрынацыяй.
Паколькі мілітарызаваныя кампаненты інтэграваныя ў абавязковую навучальную праграму, вучні і студэнты не маюць магчымасці адмовіцца ад іх, нават калі гэта супярэчыць іх перакананням. Гэта стварае сур’ёзную праблему ў абароне правоў, бо ўплыў ваеннай ідэалогіі пачынаецца задоўга да прызыўнога ўзросту.
Поўны тэкст рапарту чытайце па спасылцы!