
Гендарная дыскрымінацыя ў беларускай вышэйшай адукацыі
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў падрыхтавала аналітычны рапарт для дакладу Генеральнай Асамблеі ААН за 2026 год, прысвечаны пытанням жанчын і міжнароднай салідарнасц. Мы звярнулі ўвагу на шэраг сур’ёзных праблем:
Ва ўстановах вышэйшай адукацыі Беларусі захоўваюцца квоты, якія абмяжоўваюць доступ жанчын да адукацыі. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце (БДМУ) на спецыялізацыю «Хірургія і анестэзіялогія» выдзяляецца 40 месцаў для юнакоў і толькі 20 — для дзяўчат. Аналагічныя жорсткія абмежаванні дзейнічаюць у Ваеннай акадэміі, Акадэміі МУС і Універсітэце грамадзянскай абароны МНС. Пазіцыя профільных міністэрстваў заключаецца ў тым, што пэўныя спецыяльнасці, напрыклад хірургія або вайсковая служба, з’яўляюцца «мужчынскімі».
У краіне працягвае дзейнічаць «Спіс цяжкіх работ і работ са шкоднымі ўмовамі працы, на якіх забараняецца прымяненне працы жанчын». Нягледзячы на скарачэнне спісу з 456 да 88 пазіцый, ён па-ранейшаму абмяжоўвае жанчын у выбары кар’еры пад выглядам абароны іх рэпрадуктыўнага здароўя, што часта робіць немагчымым практычнае прымяненне атрыманай імі адукацыі.
У акадэмічным асяроддзі Беларусі адсутнічае афіцыйная статыстыка адносна выпадкаў сэксуальных дамаганняў. Тым не менш вядомыя выпадкі непрыстойных паводзін выкладчыкаў, якія выкарыстоўваюць сваё становішча, каб схіляць студэнтак да асабістых кантактаў пад выглядам кансультацый.
Універсітэты спрыяюць замацаванню патрыярхальных роляў. Напрыклад, арганізуюцца сустрэчы студэнтак-медыкаў з курсантамі МУС, каб будучыя афіцэры маглі знайсці сабе «верных спадарожніц» і «надзейны тыл». У афіцыйных віншаваннях з 8 Сакавіка ўніверсітэты апісваюць студэнтак як «пяшчотных захавальніц хатняга ачага» і «ўпрыгожванне», ігнаруючы іх таленты як навуковак і прафесіяналак.
Жанчыны практычна не прадстаўлены на кіруючых пасадах у навуцы: з 50 рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі толькі 9 — жанчыны, паколькі на гэтыя пасады прызначае прэзідэнт. Студэнткі, якія ўдзельнічаюць у незалежных адукацыйных праектах падвяргаюцца крымінальнаму пераследу і турэмнаму зняволенню.
Структура саюза жанчын, якая дзейнічае ва ўніверсітэтах, цалкам убудаваная ў дзяржаўную вертыкаль і выкарыстоўваецца для дэманстрацыі лаяльнасці рэжыму. Дзейнасць арганізацыі накіравана на прасоўванне «традыцыйных каштоўнасцей» і мацярынства, пры гэтым яна выключае пытанні правоў ЛГБТК+ жанчын і не спрыяе рэальнаму пашырэнню правоў і магчымасцей жанчын па-за межамі дзяржаўнай ідэалогіі.
Выкарыстанне прагрэсіўнай рыторыкі пра роўнасць у афіцыйных структурах мае дэкларатыўны характар, у той час як на практыцы захоўваюцца сістэмныя бар’еры для незалежнага развіцця жанчын у акадэмічным і прафесійным асяроддзі.
Чытайце даклад цалкам па спасылцы:
Call for input for the report on women and international solidarity.


