
Жыць, калі жыццё за кратамі: гісторыя маладой палітзняволенай
З 23 па 29 чэрвеня каманда Прававой ініцыятывы і Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі ужо сёмы раз праводзіць кампанію «Тыдзень супраць катаванняў», прымеркаваную да Міжнароднага дня ААН у падтрымку ахвяр катаванняў, які адзначаецца 26 чэрвеня.
Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў далучаецца да гэтай важнай ініцыятывы і ў яе межах хоча падзяліцца гісторыяй маладой палітзняволенай — яе досведам сутыкнення з так званым беларускім «правасуддзем», яе пачуццямі, эмоцыямі і роздумамі.
Агулам я правяла за кратамі трохі больш за 2 гады. Восенню 2020 года мяне затрымалі. Тыдзень я правяла ў СІЗА КДБ, 8 месяцаў – у СІЗА-1 на Валадарскага і яшчэ 3 месяцы – у СІЗА-3 у Гомелі. Пасля трохі больш за год я знаходзілася ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі.
Адразу хачу сказаць, што нейкай “жэсці” ў мяне не было, то бок мяне не білі, не пакідалі без матраца і гэтак далей. Але вось некаторыя рэчы, якія былі вельмі непрыемнымі для мяне. Першыя два тыдні пасля затрымання: ты нічога не разумееш – колькі табе чакаць, куды цябе павязуць, што з табой будзе. Амаль адразу ж – пераезд на Валадарку. А Валадарку я ўяўляла як з расійскіх фільмаў пра турму. То бок я заходзіла ў камеру і думала, што там абавязкова ў кагосьці будзе так званая “заточка”, а на мяне нападуць, як толькі я скажу нешта не тое. Такога не адбылося, калі што. Ну і цяжка прыстасоўвацца да побытавых умоваў: што пасцельная бялізна не заўсёды чыстая, што ежа нясмачная, што мыешся толькі раз на тыдзень і на ўсё даецца 15 хвілін, што прыбіральня проста за шторкай ці нават без яе і ў метры ад стала, што гуляць ты можаш выходзіць толькі тады, калі ўсе сукамерніцы згодныя, што мала святла і цвіль, што паляць у памяшканні і шмат чаго яшчэ.
“Голыя шмоны” падчас “этапу” і паездак на суды. Кайданкі. Калі казаць пра этапы, то гэта проста цяжка. Спачатку ты збіраеш свае рэчы, цягнеш іх разам з цяжкім матрацам, доўга чакаеш, дагляд, пасля едзеш у не самых зручных умовах, пасля зноў чакаеш, зноў дагляд, твае рэчы пераварочваюць, цябе даглядаюць. Калі казаць пра суды, то такое пачуццё, што гэта было спецыяльна, каб яшчэ больш цябе прынізіць. На цябе апранаюць кайданкі, зашпільваюць іх за спіною, у той час як людзі па “цяжкіх артыкулах” ездзяць без іх; цябе абшукваюць у некалькі этапаў, ты стаіш голая пасярод памяшкання і чакаеш, пакуль твае рэчы праедуць сканер, пакуль іх паглядзіць супрацоўніца, а іншых зняволеных правяраюць проста металашукальнікам. Дадаткова табе могуць зладзіць “голы шмон” і ў перапынку паміж судамі, калі камусьці падалося, што ты не так сябе паводзіла. Табе не дазваляюць браць у суды нічога з таго, што дазваляюць браць звычайным зняволеным.
Маленькая камера з “цудоўнымі” суседзямі. У адной з камер быў літаральна 1 квадратны метр вольнага месца, палова сцяны – у цвілі, двухярусныя ложкі, паміж якімі немагчыма было прайсці не бокам. Суседкі змяняліся па некалькі разоў на месяц, што дастаткова цяжка, бо ты не можаш наладзіць нейкія нармальныя сувязі ні з кім. Ну і суседкі бывалі розныя: бяздомныя (дзякуй, што хоць вошаў ім вытравілі ў мінулым СІЗА, да таго як яны прыехалі), хворыя на ВІЧ (і далёка не ўсе прымаюць тэрапію ці папярэджваюць пра захворванні), адна суседка крала асабістыя рэчы і прадукты (у такія моманты адчуваеш, што трохі з’язджаеш з глузду, бо спачатку думаеш, што табе здаецца), хтосьці хлусіў пра сябе, кагосьці трэба было адгаворваць, каб яны не зрабілі сабе шкоды, хтосьці перапіваў супакаяльных і губляў прытомнасць. Ты не адчуваеш нават базавай бяспекі хаця б у камеры, пакуль цябе не чапае ніхто з супрацоўнікаў. Карацей, суцэльны хаос, хаця, канечне, трапляліся і харошыя жанчыны. Пасля такой камеры мне значна больш спадабалася ў гомельскім СІЗА, хоць правілы там значна больш строгія.
Першыя месяцы ў атрадзе ў калоніі. Пад’ём і зборы за 15 хвілін, 90 чалавек у атрадзе, чэргі ў прыбіральню і да ўмывальніка, чэргі, каб перакусіць пасля працы, асабістыя рэчы ў капцёрцы, і ты не можаш дастаць іх у любы момант, цэлая куча дзяжурстваў, а ў першыя некалькі месяцаў цябе прызначаюць літаральна на ўсе працы, затыкаюць табою кожную дзірку. І вось у цябе першая “атаварка”, а ты нават не можаш з’есці пасля яе першы ёгурт за год, бо цябе адпраўляюць месці лужы. Плюс новая праца. Я працавала не за швейнай машынкай, і працоўны працэс быў для мяне фізічна цяжкім. Праз нейкі час у мяне нават пачало “хапаць паясніцу”. А калі ў мяне не атрымлівалася, маёй калезе, таксама зняволенай, вельмі падабалася на мяне крычаць. Адзін раз яна са злосці на мяне замахнулася, але нічога не зрабіла. Мне гэта ўсё было вельмі цяжка, бо са мной у жыцці ніколі так не размаўлялі. У цэлым там пастаянна камунікуюць праз крык, што мне было вельмі нязвыкла.
Разуменне, што ты нікому не можаш давяраць. З моманту, як я толькі патрапіла ў СІЗА, мяне папярэджвалі, што не трэба нідзе казаць лішняга, што ёсць зняволеныя, якія працуюць на аператыўнікаў. Я спачатку ўспрымала гэта ўсё не вельмі сур’ёзна, як нешта з серыялаў, але пасля апынулася, што так і ёсць. Што ад самага пачатку ў СІЗА я знаходзілася ў камерах з такімі людзьмі. Ну а ў калоніі гэтых людзей яшчэ больш. Пра кагосьці ты ведаеш, пра кагосьці – не. Але нікому нельга расказваць усяго. Пра мой артыкул і затрыманне ў мяне была дзяжурная бяскрыўдная версія з абмежаванай колькасцю дэталяў, якую я і расказвала. Табе задаюць шмат правакацыйных пытанняў, на якія таксама не трэба весціся. Апынулася, што нават некаторыя палітзняволеныя хлусяць, і давяраць ім таксама нельга. Заўсёды трэба сачыць, каму і што ты кажаш, якія размовы падтрымліваеш, хто стаіць каля цябе і можа нешта пачуць. Такая пільнасць пасля застаецца з табою надоўга.
Пакуль ты ў калоніі, доўгі час жывеш нейкімі спадзевамі пра тое, што будзе, калі ты вызвалішся. І вельмі балюча, калі гэтыя спадзевы не супадаюць з рэчаіснасцю пасля. Я літаральна адчувала, што ўсё жыццё разбурана. Сябры і сяброўкі з’ехалі, горад ужо не такі, як раней, на працу ўладкавацца цяжка, трывожнасць 24/7, нават у кватэры не адчуваеш сябе бяспечна, бо аднойчы туды ўжо прыйшлі, і нават калі ты нічога не робіш, на цябе ўсё адно складаюць адміністрацыйныя пратаколы. Ты думаеш, што цябе ніколі не пакінуць у спакоі і ты скончыш ці зноў у турме, ці ў псіхіятрычнай лякарні, ці мёртвай. Вядома, не ва ўсіх усё настолькі дрэнна, але ў маім выпадку я сапраўды так думала, і на гэта былі свае прычыны.
Спачатку я па магчымасці старалася адносіцца да ўсяго з навуковым інтарэсам: запісвала жарганізмы, распытвала пра турэмнае жыццё сукамерніц, назірала за паводзінамі людзей і гэтак далей. Тады яшчэ быў такі час, быў спадзеў на датэрміновае вызваленне ці на нейкі невялікі тэрмін, гэта таксама падтрымлівала. Памятаю, мне нават снілася, як я вясной 2021-га выходжу з Валадаркі, і мяне ўсе сустракаюць. Чым бліжэй час падыходзіў да судоў, тым менш спадзеваў заставалася. А пасля я пачула запыт пракурора і зразумела, што ўсё. Трэба рыхтавацца да калоніі. Пры ўсёй недасканаласці справы, пры блытаных паказаннях сведкаў, гэты запыт здаваўся абсурдным жартам. Але было ўжо ясна, што прысуд такі і будзе. Хаця так нельга параўноўваць, і любы несправядлівы прысуд цяжкі, але пры цяперашніх тэрмінах тыя здаюцца кветачкамі. Тады ўсё ж быў іншы час. Ну а далей трымаешся на розных добрых дробязях. Я, напрыклад, чакала пераезд у калонію, бо там больш свежага паветра і не паляць у памяшканні. Ці радуешся, што нарэшце можаш у краме набыць малочку. Ці радуешся, што душ па часе большы недзе бывае. Кожны раз прыдумваеш сабе нейкія дробязі, каб парадавацца, а не патануць у нейкай безвыходнасці. У першыя тыдні ў калоніі я вызначыла для сябе мэту: захаваць максімальна добры фізічны і псіхалагічны стан з магчымых, не пераступаць межы і не рабіць іншым зла. Я лічу, што ў мяне атрымалася. Мяне моцна падтрымлівалі ўяўленні пра тое, як усё будзе, калі я выйду. Але з цягам часу я перастала нешта ўяўляць. Бо ўсё, што я ўяўляла, паступова станавілася немагчымым. Сустрэча з сяброўкамі і сябрамі – амаль усе з’ехалі ад рэпрэсій, схадзіць у любімае месца – яно зачынілася, прыехаць у Кіеў пасля вызвалення – пачалася вайна… Напрыканцы я ўжо проста хацела, каб на мяне не пачалі новую справу за некалькі дзён да выхада, каб на выхадзе не чакаў чорны мікрааўтобус, і цябе зноў не адвезлі ў СІЗА.
Адна з асноўных думак: дрэнныя рэчы проста здараюцца. Ёсць нейкія перадумовы, але гэта не здараецца з табою таму, што ты дрэнны ці дрэнная. І тое, што ты добрая ці добры, не азначае, што нічога дрэннага ніколі не здарыцца. Мне было цяжка гэта прыняць, бо ў глыбіні душы ты ўсё ж недзе спадзяваешся на добры канец. Але гэта не значыць і тое, што за дрэнным абавязкова будзе добрае – так можа і не быць. Гэта жыццё. Ніхто ніколі не ведае, як будзе паводзіць сябе ў экстрэмальных абставінах. Можна шмат казаць і выхваляцца, можна павучаць іншых, але калі ты не быў ці не была ў падобнай сітуацыі – нельга дакладна прадказаць, як усё сапраўды будзе, нават з падрыхтоўкай. Калі казаць пра зняволенне, то яно сапраўды паўплывала на мяне. Там людзі часта паводзяць сябе не так, як у звычайным жыцці, і калі выходзіш, то адчуваеш сябе ўжо іншай. Калі казаць пра мяне, я стала больш пільнай да людзей, але пры гэтым мяне цяпер вельмі мала чаго можа здзівіць у людзях, я стала звяртаць менш увагі на меркаванні іншых і больш быць упэўненай ва ўласных адчуваннях, мае стасункі з блізкімі перажылі змены (з кімсьці яны захаваліся, з кімсьці – не, бо мы сталі вельмі рознымі). Пасля майго зняволення прайшло ўжо больш часу, чым я правяла за кратамі. Але толькі зараз я магу сказаць, што адчуваю сябе лепш: менш трывожуся, хачу нешта планаваць, хачу змяняць нешта ў жыцці. Яшчэ нядаўна я проста хацела, каб мяне пакінулі ў спакоі і далі паляжаць, і каб жыццё не падкідвала больш ніякіх складанасцяў. Складанасцяў, канечне, я і зараз не хачу, але яны здараюцца – таму трэба вучыцца з імі спраўляцца.
Сітуацыя палітзняволеных — гэта тое, што трэба трымаць на павестцы дня беспярэчна і пастаянна. Рэпрэсіі супраць тых, хто меў смеласць выказаць сваю думку, адрозную ад той, якую навязвае ўлада, — гэта не лічбы ў статыстыцы, а лёсы жывых людзей, іх боль, страх і надлом. Рэжым Лукашэнкі — гэта рэжым гвалту і катаванняў, які мэтанакіравана знішчае ўсіх, хто адрозніваецца ці не падпарадкоўваецца. Для гэтай сістэмы палітычныя зняволеныя — гэта не людзі: ім адмаўляюць у базавых правах чалавека і ставяць ніжэй за гвалтаўнікоў, маньякаў і забойцаў у турэмнай сацыяльнай іерархіі. Таму гаварыць пра іх, патрабаваць свабоды, падтрымліваць і ўзнімаць іх гісторыі — наш абавязак. Свабоду ўсім палітвязням!