
Стан акадэмічных свабод і іх успрыняццё беларускімі студэнтамі і студэнткамі ва ўніверсітэтах Беларусі і Польшчы
Акадэмічныя свабоды з'яўляюцца не толькі важным фактарам існавання сучасных універсітэтаў, але і развіцця дэмакратыі, прасоўвання дэмакратычных каштоўнасцей. Для нашай арганізацыі гэтыя каштоўнасці асабліва важныя.
Нам важна не губляць сувязь з сучаснай беларускай акадэмічнай супольнасцю і разумець тое, што адбываецца ўнутры яе. З мэтай фіксацыі яе бягучага стану мы правялі гэтае даследаванне. Паколькі пасля 2020 года многія студэнты і студэнткі паехалі вучыцца ў польскія ўніверсітэты, мы вырашылі таксама вывучыць іх досвед як частку цяперашняга кантэксту.
У дадзеным даследаванні мы абапіраемся на вызначэнні акадэмічных свабод, зафіксаваных у Рэкамендацыі ЮНЕСКА 1997 года аб статусе выкладчыцкіх кадраў вышэйшых навучальных устаноў і ў дакументах Балонскага працэсу.
У Рэкамендацыі ЮНЕСКА акадэмічная свабода разумеецца як “права вучоных, не абмежаванае прадпісанай дактрынай, на свабоду выкладання і дыскусій, свабоду правядзення даследаванняў, распаўсюджвання і публікацыі іх вынікаў, свабоду вольна выказваць сваё меркаванне аб установе або сістэме, у якой яны працуюць, свабоду ад інстытуцыйнай цэнзуры і свабоду ўдзелу ў прафесійных ці прадстаўнічых акадэмічных органах”.
У рамках Балонскага працэсу акадэмічная свабода дадаткова вызначаецца як "свабода акадэмічнага персаналу і студэнтаў займацца даследаваннямі, выкладаннем, навучаннем і зносінамі ў грамадстве і з грамадствам без умяшання або страху рэпрэсій" і як "фундаментальнае дэмакратычнае права, якое часткова заснавана на праве на адукацыю і мае агульныя элементы са свабодай думкі, меркавання і выказвання".
Улічваючы ўнікальнасць беларускага адукацыйнага кантэксту, у даследаванні мы таксама разглядалі тэму арміі і воінскага абавязку як фактара, які ўплывае на матывацыю і якасць адукацыйнага працэсу.
Мы дзякуем арганізацыі Niezależne Zrzeszenie Studentów і Варшаўскаму Універсітэту, дзякуючы якім дадзенае даследаванне змагло адбыцца. Даследаванне было таксама праведзена пры фінансавай падтрымцы European Students’ Union і Open Society Foundation у рамках праграмы малых грантаў па акадэмічнай свабодзе. Частка даследвання пра беларускае студэнцтва ў Польшчы было зроблена ў супрацы з Грамадскім Балонскім Камітэтам.
На наш погляд, з даследавання можна зрабіць наступныя высновы:
Акадэмічныя свабоды практычна адсутнічаюць у беларускіх універсытэтах. У перыядзе паміж 2020 годам і цяперашнім часам з'явіліся тэндэнцыі, якія разбураюць базавыя этычныя акадэмічныя прынцыпы, напрыклад стажыроўкі ў рэгіёне, які зараз ахоплены вайной — Данецкай і Луганскай вобласцях Украіны і іншых яе тэрыторыях, акупаваных Расіяй. Свабода перамяшчэння была моцна абмежавана, маладыя людзі адчуваюць стрэс з-за рызыкі быць выключанамі з навучальнай установы і патрапіць у войска. Аўтаномія ўніверсітэтаў цалкам адсутнічае. Студэнцкія аб'яднанні, як правіла, неактыўныя, не прадстаўляюць інтарэсы студэнтаў і студэнтак, максімум займаючыся правядзеннем мерапрыемстваў. У выніку яны ператварыліся ў “спячыя інстытуты”. Значна змяніўся таксама склад выкладчыкаў ва ўніверсітэтах.
Нягледзячы на ўсю складанасць кантэксту, беларуская акадэмічная прастора не ператварылася цалкам у выпаленае поле. Ва ўніверсітэтах з'яўляюцца новыя праекты і студэнцкія аб'яднанні, сярод беларускіх студэнтаў і студэнтак захоўваюцца крытычны погляд на рэчаіснасць і матывацыя да атрымання ведаў і асабістага развіцця.
Абапіраючыся на якасныя даныя, можна меркаваць, што ў некаторых рэгіянальных ВНУ прысутнічае крыху больш свабоды, чым у сталічных: студэнцкіх аб'яднанняў у іх больш і яны больш актыўныя, выкладчыкі выкладчыцы больш схільныя да дыялогу і крытычна накіраванай камунікацыі, больш распаўсюджана практыка выбару курсаў, меншы адміністрацыйны ціск.
Адсутнасць акадэмічных свабод у многім звязана з тым, што пасля распаду Савецкага Саюза на іх не быў сфарміраваны запыт. Беларускія студэнты засталіся ў парадыгме “хапай корачку — і бяжы на рынак працы”. Такое стаўленне да вышэйшай адукацыі, у цэлым, з'яўляецца агульнасусветнай тэндэнцыяй. Універсітэт успрымаецца большасцю студентаў і студэнтак або як месца атрымання неабходных навыкаў і ведаў для развіцця кар'еры і паляпшэння ўмоў жыцця, або як месца, у якое трапляеш па інерцыі пасля заканчэння школы. Для Беларусі ў большай ступені характэрна інерцыйная мадэль. Такім чынам, стаўленне да інстытуту вышэйшай адукацыі ў значнай ступені вызначае шлях развіцця акадэмічных свабод ва ўніверсітэце.
У колькаснай частцы даследавання мы не выявілі прынцыповай розніцы паміж беларускімі студэнтамі і студэнткамі з Беларусі і з Польшчы ў большасці выпадкаў. Галоўнае адрозненне ў тым, што рэспандэнты з Польшчы значна часцей выбіралі варыянт адказу «не ведаю». Нягледзячы на тое, што ў Польшчы развіты інстытут акадэмічных свабод, беларускія студэнты і студэнткі практычна не ўцягваюцца ў яго і не бачаць у ім асаблівай каштоўнасці. Гэта можа быць вынікам нізкай інтэграцыі замежных студэнтаў і студэнтак у польскую сістэму адукацыі ў адрозненні ад насельніцтва, дзе інтэграцыя пачынаецца яшчэ ў апошніх гадах школы, у тым ліку праз удзел у органах школьнай рэпрэзентацыі і падрыхтоўку на спецыяльных курсах.
Адсутнасць досведу ўдзелу ў аб'яднаннях і адсутнасць ўласнай рэпрэзентацыі беларускіх студэнтаў і студэнтак у Польшчы з'яўляецца праблемай (часта як і ў іншых замежных студэнтаў і студэнтак з постсавецкіх краін). У адрозненні ад мясцовых студэнтаў і студэнтак, якія атрымліваюць досвед самаарганізацыі яшчэ ў школе, замежныя студэнты і студэнткі часта пазбаўлены такой магчымасці. Праз нізкую колькасць замежных студэнтаў студэнцкія самакіраванні ўніверсітэтаў не заўсёды могуць задаволіць іх патрэбы ці даць адэкватную падтрымку і платформу для самавыяўлення.