
Удасканаленне Стыпендыяльнай Сістэмы імя Кастуся Каліноўскага
У 2023 годзе як Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) мы падрыхтавалі падрабязны аналітычны дакумент (policy paper) пад назвай „Удасканаленне Стыпендыяльнай Сістэмы імя Кастуся Каліноўскага”. Гэтая праграма, якая рэалізуецца пры сумесным удзеле Міністэрства замежных спраў і Міністэрства адукацыі і навукі , з'яўляецца ключавой падтрымкай для грамадзян і грамадзянак Беларусі, якія былі рэпрэсаваныя бягучым рэжымам і пазбаўленыя права на вышэйшую адукацыю на радзіме. Мы ідэнтыфікавалі тады два фундаментальныя праблемныя кірункі, з якімі сутыкаліся студэнты і студэнткі:
1. Фінансавы крызіс: Стыпендыя, якая выплачваецца (1250 злотых для студэнтаў і студэнтак I ступені і 1500 злотых для II ступені) , за гэтыя гады катастрафічна абясцэнілася з-за інфляцыі і росту коштаў на жыццё. Гэтыя сумы зваліліся значна ніжэй за сацыяльны мінімум (які паводле падлікаў IPiSS складаў тады 1782 злотых) , не забяспечваючы студэнтам і студэнткам магчымасці годнага і дастатковага існавання.
2. Брак транспарэнтнасці: Стыпендыяты і стыпендыянткі выказвалі неразуменне правілаў і працэдуры адбору , а таксама перыядычна звярталі ўвагу на адсутнасць празрыстасці.
Наша прапанова абапіралася на двух галоўных кірунках зменаў:
• Фінансавая падтрымка: Мы прэзентавалі каштарысную мадэль, якая змяшчае розныя варыянты падвышэння стыпендыі (што павялічвае агульныя выдаткі ад 20% да амаль 100% у параўнанні са status quo). Як найбольш просты і прыярытэтны крок мы прапанавалі неадкладнае падвышэнне сумы да ўзроўню сацыяльнага мінімуму , увядзенне механізму штогадовай індэксацыі на ўзроўні 4% (што дазволіла б утрымаць сталыя прапорцыі да коштаў жыцця) , а таксама выплату стыпендыі на працягу ўсяго года (12 месяцаў) замест 10.
• Павышэнне транспарэнтнасці: Мы заклікалі да стварэння зразумелага і публічна даступнага спісу крытэрыяў кваліфікацыі для асоб, прызнаных рэпрэсаванымі. Мы прапанавалі арганізаваць экспертныя кансультацыі з удзелам польскіх арганізацый (NAWA, NZS, Камісія па стыпендыях Каліноўскага, PSRP, міністэрствы) і беларускіх праваабаронцаў ды актывістаў і актывістак («Вясна», ЗБС, РАДА) , каб выпрацаваць справядлівыя працэдуры з улікам рэаліяў польскага права.
Якія былі вынікі і што робім далей?
Выданне гэтага дакумента дазволіла дакладна, у лічбах і графіках, паказаць матэрыяльныя праблемы беларускіх студэнтаў і студэнтак у Польшчы, а таксама дало нам моцны экспертны мандат у перамовах з дзяржаўнымі інстытуцыямі. Мы прадэманстравалі гатовыя мадэлі, якія адпавядаюць прынцыпам good governance. Хоць афіцыйныя бюракратычныя працэсы патрабуюць часу, мы працягваем нашую працу. Мы нястомна маніторым сітуацыю з матэрыяльнай падтрымкай беларускіх студэнтаў і студэнтак у Польшчы, працягваем дыялог з адказнымі асобамі і паслядоўна імкнемся да таго, каб ні адзін студэнт і ні адна студэнтка не быў_ла вымушаны_а адмовіцца ад навукі з-за эканамічных цяжкасцяў ці непразрыстых працэдураў.