
Брыфінг: Беларускае студэнцтва ў выгнанні — выклікі і рашэнні ў абароне правоў і інтарэсаў
ESU у супрацоўніцтве з Задзіночаннем Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) у выгнанні падрыхтавала гэты брыфінг, каб праінфармаваць аб праблемах беларускага студэнцтва, якое было вымушана пакінуць Беларусь і цяпер жыве і навучаецца ў выгнанні ў Еўропе. Акрамя таго, дакумент прапануе магчымыя дзеянні па падтрымцы беларускіх студэнтаў і студэнтак у Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі, а таксама рэкамендацыі па абароне іх правоў на нацыянальным і мясцовым узроўнях.
Тры асноўныя праблемы, якія варта падкрэсліць:
Паводле ўказу Лукашэнкі, студэнты і студэнткі могуць атрымліваць пасведчанні асобы выключна асабіста на тэрыторыі Беларусі, што ставіць іх пад рызыку зняволення. Адсутнасць альтэрнатыўных дакументаў, што пацвярджаюць асобу і выдаюцца еўрапейскімі краінамі, або іх недастатковасць для паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі прыводзяць да таго, што студэнты губляюць доступ да адукацыі праз страту студэнцкіх віз і дазволаў на побыт у краіне.
Той самы ўказ распаўсюджваецца і на дакументы, звязаныя з адукацыяй. Паколькі ўстановы вышэйшай адукацыі ў Беларусі захоўваюць у сябе школьныя атэстаты і пасведчанні аб паступленні, каб прадухіліць адначасовае навучанне студэнтаў і студэнтак больш чым на адной навучальнай праграме, а лічбавыя копіі дакументаў не з’яўляюцца распаўсюджанай практыкай, студэнты вымушаныя ехаць у Беларусь, каб атрымаць гэтыя дакументы. Гэта ставіць іх пад пагрозу і ўскладняе працэсы набыцця апастыля (напрыклад, пацвярджэння сапраўднасці афіцыйных дакументаў).
Выпускнікі сярэдніх школ у цяперашні час сутыкаюцца з праблемай наўмыснага зацягвання беларускімі ўладамі працэдуры набыцця апастылю, у выніку чаго яны прапускаюць тэрміны падачы заяў у еўрапейскія ўніверсітэты, бо не могуць своечасова падаць неабходныя дакументы.
Прапановы і рашэнні па ўсіх трох праблемах прыведзены далей ў брыфінгавым дакуменце, які ўключае: гнуткасць у правілах прыёму, працэдуры альтэрнатыўнага прызнання і альтэрнатыўныя дакументы пасведчання асобы, якія б таксама давалі права на паступленне і выдаваліся б адпаведнымі краінамі пражывання.