
Парламенцкая дзяржава побач з дыктатурай. Якую краіну пабудавалі ўдзельнікі Рэмары 2024?
Пасля перапынку ў некалькі гадоў павярнулася ўнікальная адукацыйная праграма Задзіночання Беларускіх Студэнтаў "Рэспубліка Мары". У гэтым годзе яна стала інтэрнацыянальнай і аб'яднала 17 маладых людзей з Беларусі, Украіны і Польшчы. Цягам некалькіх дзён удзельнікі і ўдзельнікі, атрымаўшы гульнявыя ролі, будавалі такую краіну мары, якую хацелі бачыць. Распавядаем, што ў іх атрымалася, і запрашаем да ўдзелу ў наступнай Рэмары!
Перад пачаткам гульні ўдзельні_цы атрымалі свае ролі, даведаліся правілы гульні, гісторыю краіны і палітычную сітуацыю ў ёй. Рэспубліка Мары з’яўлялася федэрацыяй і складалася з трох аўтаномных рэгіёнаў: Лесовіі, Каменорыі і Травіі. У Канстытуцыі Рэспублікі былі прапісаныя палажэнні, датычныя рэлігіі, эканомікі, міграцыйнай палітыкі, смяротнага пакарання і не толькі.
Гульня застала Рэмару ў сур’ёзным крызісе. У якасці рашэння прэзідэнт краіны абвясціў Канстытуцыйны рэферэндум, каб перагледзець асноўны дакумент, які не змяняўся больш за сто гадоў. Адразу некалькі групаў, уключаючы апазіцыйных палітыкаў, пачалі агітаваць за самыя розныя прапановы: ад абмежавання прэзідэнцкіх паўнамоцтваў да ўсталявання адзінай дзяржаўнай рэлігіі – Валарыянства.
Аднак пакуль адныя гульцы збіралі подпісы за свае прапановы, іншыя планавалі дзяржаўны пераварот. Менавіта такія падазрэнні вымусілі прэзідэнта адправіць тагачаснага міністра ўнутраных справаў у адстаўку. Наступным крокам кіраўнік дзяржавы апублікаваў свае прапановы па зменах у Канстытуцыю: дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, унітарная дзяржава, забарона смяротнага пакарання і не толькі.
Такі ход падзей задаволіў не ўсіх. Размовы пра дзяржаўны пераварот не сціхалі, што прывяло да адстаўкі бізнэсмэна/міністра ўнутраных справаў і яго арышту ўжо трэцім па ліку гульцом на пасадзе міністра, што цікава, прадстаўніком апазіцыі. Арыштаваны экс-міністр апублікаваў прамову, дзе абвінаваціў урад у слабасці і страху прагрэса і заклікаў да еднасці і працягу барацьбы за будучыню Рэмары, завяршыўшы першы дзень гульні.
Другі дзень пачаўся з прэс-канферэнцыі прэзідэнта, які абвясціў назначэнне рэлігійнай лідаркі на пасаду суддзі, а тым часам бізнэсмэн/экс-міністр адбыў свой тэрмін у турме, але быў пазбаўлены маёмасці рашэннем урада. Больш за тое, новы міністр унутраных справаў арыштаваў экс-суддзю і фермерку нібыта за падрыхтоўку рэвалюцыі.
Нечакана гульцам прыйшлося адкласці ўсе спрэчкі: Рэмара пастрадала ад моцнага павадку, які нёс сур’ёзныя эканамічныя і сацыяльныя праблемы. Каменорцы, Лесавічі і Травяне вымушаныя былі дамовіцца на шэраг саступак, што часткова супярэчыла іх інтарэсам, але дало Рэмары бюджэт на змягчэнне наступстваў катаклізма.
Але нават катастрофа хутка забылася ў святле наступных падзей: адбыўся дзяржаўны пераварот. Пакуль рэвалюцыянеры абіралі новага прэзідэнт_ку, мінулы ўрад вёў сваю гульню, не прызнаўшы зменаў і сустрэўшыся з кіраўніцтвам суседняй Лунарыі, вядомай дыктатуры. Адным з першых рашэнняў новапрызначанага прэзідэнта, якім стаў экс-афіцэр паліцыі, сталі новыя арышты: бізнэсмэна/экс-міністра і эка-актывіста.
Тым часам канфлікт у Рэмары выйшаў на міжнародны ўзровень: па закліку Каменорыі на перамовы да новага ўрада прыбыла дэлегацыя з Лунарыі разам з яе Каралём і міністрам абароны. Галоўным іх патрабаваннем стала правядзенне рэферэндума па ўсіх запланаваных раней пытаннях і гарантыя правоў і свабод Каменорцаў, у тым ліку вызваленне іх з турмаў.
Патрабаванні былі прынятыя, і рэферэндум распачаўся! Грамадзяне Рэмары прагаласавалі за падтрымку зялёных тэхналогій і абарону прыродных рэсурсаў, захавалі свецкую дзяржаву, забаранілі смяротнае пакаранне, але пакінулі брак як саюз выключна мужчыны і жанчыны (верагодна, што менавіта гэты пункт быў сфальсіфікаваны). Але галоўным вынікам рэферэндума стала стварэнне парламенцкай дзяржавы замест прэзідэнцкай!
Рэмара 2024 скончылася па-рознаму: хтосьці змог атрымаць пасаду ў новым парламенце ці міністэрскі партфель, а хтосьці атрымаў палітычны прытулак у іншых краінах ці нават здзейсніў гульнявы суіцыд.
Напрыканцы праграмы мы правялі вялікую рэфлексію аб шматлікіх працэсах гульні, каб атрымаць фідбэк і даведацца аб тым, што ўдзельні_цы адчувалі падчас гульні. Сачыце за нашымі абвесткамі, каб не прапусціць запрашэнне пабудаваць вашу Рэспубліку Мары. Як бы яна выглядала?