
Адаптуемся разам з Задзіночаннем Беларускіх Студэнтаў
Калі ты прыязджаеш вучыцца ў іншую краіну, праблемы пачынаюцца зусім не з экзаменаў. Легалізацыя, пошук жытла, інтэграцыя ў навучальны працэс і мясцовую студэнцкую супольнасць, першыя спробы знайсці заробак, бясконцае змаганне з бюракратыяй разам са стрэсам ад пераезду ў іншую краіну — здаецца, што гэта шлях наўпрост у крэсла псіхатэрапеўта, а не да запаветнай альма-матар.
Менавіта з гэтага разумення вырас праект Задзіночання Беларускіх Студэнтаў пад назвай “Together we adapt”. Ён праходзіў з 15 жніўня 2024 па 15 ліпеня 2025 і ахапіў пяць гарадоў Польшчы: Варшаву, Кракаў, Лодзь, Люблін і Познань. Праект падтрымала Еўрапейская Моладзевая Фундацыя Рады Еўропы (EYF). Яго галоўнай мэтай было дапамагчы новым беларускім студэнтам і студэнткам у адаптацыі ў Польшчы, даць ім тое, чаго часта не хапае на пачатку: зразумелую інфармацыю, практычныя навыкі і бяспечную супольнасць, дзе не сорамна задаць “дурное пытанне” і прызнацца, што цяжка.
Гэты праект быў не толькі для актывістаў і актывістак, але для ўсіх маладых беларусаў і беларусак, якія сутыкнуліся з выпрабаваннем вучобы ў іншай краіне. Каб лепш зразумець іх патрэбы, мы адначасова правялі суправаджальнае даследаванне, у якім студэнты і студэнткі апісвалі свае праблемы: з легалізацыяй і дакументамі (карта побыту, настрыфікацыя, розныя дазволы), з фінансамі, са слабай падтрымкай з боку інстытуцый, з сацыяльная ізаляцыяй і пастаянны стрэс.
У межах ініцыятывы каманда ЗБС зрабіла стаўку на простыя фарматы — такія, куды не страшна прыйсці ўпершыню і дзе адразу можна было атрымаць нешта карыснае. Замест аднаго вялікага мерапрыемства “пра ўсё” мы арганізавалі серыю сустрэч у кожным з пяці гарадоў, каб студэнтам не трэба было спецыяльна ехаць у сталіцу. На пачатку планавалі 35 падзей, але ў выніку правялі нават 40.
Першыя інтэграцыйныя сустрэчы адбыліся восенню 2024 года. Гэта быў мяккі старт для новых людзей, магчымасць пазнаёміцца, даведацца пра супольнасць, задаць свае пытанні і проста адчуць, што чалавек не адзін ці адна ў новым месцы. Для многіх гэта важней, чым здаецца, бо ў першыя месяцы пасля пераезду не хапае менавіта чалавечых кантактаў і пачуцця апоры.
Далей ішлі сустрэчы і лекцыі пра рэчы, якія найбольш хвалююць у практыцы. Асаблівая ўвага была дадзена тэмам, якія ўплываюць на бяспеку і грошы: працоўнае права і інтэрнэт-бяспека. Такія сустрэчы часта натуральна пераходзілі ў доўгія пытанні-адказы. Калі чалавек не ўпэўнены, як легальна працаваць, што падпісваць, як не трапіць на махлярства або як абараніць асабістыя даныя, размова з экспертам часта эканоміць шмат нерваў.
Былі і больш агульныя, але таксама важныя тэмы: пра правы чалавека, пра Еўрапейскі Саюз, пра адукацыйныя магчымасці ў польскіх універсітэтах. Але праект не абмяжоўваўся толькі лекцыямі. Мы свядома ўключалі “нізкапарогавыя” падзеі, дзе не трэба быць вельмі камунікабельным і дзе было лёгка проста прыйсці і застацца: вечары настольных гульняў або кінапрагляду, размовы пра міграцыю і правы, майстар-класы па традыцыйнай вышыўцы. Праз такія сустрэчы людзі знаёміліся, пераставалі адчуваць сябе чужымі і пачыналі хутчэй уключацца ў жыццё на новым месцы.
Яшчэ адна важная рэч, якая была зроблена ў межах праекта, — гайд–дапаможнік для тых, хто хоча вучыцца ў польскай ВНУ . Гэта матэрыялы, якія дапамагаюць арыентавацца ў бюракратычных працэдурах і штодзённых пытаннях: куды ісці, што шукаць, на што звяртаць увагу, дзе могуць быць магчымасці асабістага развіцця для студэнтаў і студэнтак. Удзельнікі і ўдзельніцы шмат разоў адзначалі, што такія матэрыялы і практычныя лекцыі дапамагалі адчуць больш кантролю над сітуацыяй і лепш арыентавацца ў бюракратыі і стыпендыях.
У праекце ўдзельнічалі 261 асоба. Пасля ўдзелу 6 чалавек выказалі жаданне далучыцца да ЗБС, з якіх 5 засталіся як новыя ўдзельнікі і удзельніцы або валанцёры і валанцёркі. Лічбы ў праекце таксама важныя, але іх трэба чытаць з кантэкстам — наша арганізацыя ў Беларусі мае статус “экстрэмісцкай”, што стварае дадатковыя праблемы для кантактаў з намі і ўскладняе публічную камунікацыю.
“Together we adapt” — гэта пра тое, як зрабіць жыццё студэнта ці студэнткі ў міграцыі больш камфортным: даць ясную інфармацыю, дапамагчы не застацца сам-насам са стрэсам і стварыць простыя, бяспечныя нагоды быць разам. Часам і гэтага дастаткова, каб чужая краіна пачала патроху станавіцца сваёй.