
Рэзалюцыя аб прымусовым размеркаванні выпускнікоў і выпускніц і абмежаванні мабільнасці студэнцтва ў Беларусі
Еўрапейскі Саюз Студэнтаў пацвярджае, што ўсе студэнты і студэнткі маюць права на доступ да якаснай адукацыі і на свабодны выбар свайго акадэмічнага і прафесійнага шляху як у межах сваёй краіны, так і за яе межамі. Гэта ўключае права на акадэмічную мабільнасць і магчымасць атрымліваць далейшую адукацыю або шукаць працу за мяжой без абмежаванняў, накладзеных дзяржавай.
Улады Беларусі працягваюць рэалізацыю палітыкі, якая жорстка абмяжоўвае акадэмічную і прафесійную свабоду студэнтаў і студэнтак. Адна з найбольш турботных практык гэта сістэма абавязковага паслядыпломнага размеркавання (адпрацоўкі), якія вымушаюць выпускнікоў і выпускніц дзяржаўных універсітэтаў працаваць у наймальнікаў, вызначаных дзяржавай, да двух гадоў пасля выпуску, часта ў рэгіёнах альбо сферах, якія яны не выбіралі. Гістарычна гэтая практыка датычыла студэнтаў і студэнтак, якія атрымлівалі дзяржаўнае фінансаванне, аднак апошнія прапановы ўрада сведчаць пра тое, што ў бліжэйшай будучыні яна можа быць распаўсюджана і на студэнтаў і і студэнтак, якія навучаюцца платна за ўласныя сродкі.
Гэтая палітыка пазбаўляе выпускнікоў свабоды самастойна выбіраць шлях сваёй адукацыі альбо працы і фактычна прымацоўвае маладых спецыялістаў да дзяржавы. Такая палітыка асабліва шкодная ва ўмовах палітычных рэпрэсій, калі многія студэнты і студэнткі імкнуцца працягнуць адукацыю за мяжой у больш бяспечных і дэмакратычных умовах.
Акрамя таго, беларускія ўлады сістэматычна абмяжоўваюць доступ да неабходных дакументаў, такіх як выпіскі з адзнак і дыпломы, для студэнтаў і студэнтак, якія жадаюць паступаць у замежныя ўніверсітэты, а таксама праводзяць «прафілактычныя размовы» з моладдзю і іх бацькамі, каб стрымаць іх ад выезду за мяжу для навучання. Такая практыка ўяўляе сабой форму калектыўнага пакарання і парушэнне права на адукацыю і мабільнасць.
Еўрапейскі Ссаюз Сстудэнтаў упэўнены, што:
Прымусовае паслядыпломнае размеркаванне парушае правы студэнтаў і студэнтак на свабодны выбар прафесійнай дзейнасці і акадэмічную мабільнасць;
Абмежаванне доступу да акадэмічных дакументаў як форма палітычнага ціску з’яўляецца недапушчальным і падрывае фундаментальныя прынцыпы адукацыі як агульнага дабра;
Студэнты і студэнткі не павінны выкарыстоўвацца як інструменты для падтрымання аўтарытарнай працоўнай палітыкі або кантролю над перамяшчэннем насельніцтва.
Такім чынам Еўрапейскі Ссаюз Сстудэнтаў:
Моцна асуджае практыку абавязковага паслядыпломнага размеркавання, асабліва запланаванае распаўсюджанне гэтай палітыкі на студэнтаў і студэнтак, якія навучаюцца на платнай аснове ў Беларусі;
Асуджае выкарыстанне акадэмічных дакументаў як інструмента палітычнага кантролю і рэпрэсій;
Заклікае еўрапейскія ўстановы вышэйшай адукацыі ўлічваць гэтыя абмежаванні і адаптаваць свае працэдуры падачы заяў, дазваляючы беларускім студэнтам і студэнткам падаваць альтэрнатыўныя формы дакументаў або падаваць заяўкі ўмоўна, асабліва ў выпадках, калі арыгіналы дыпломаў або выпісак з адзнак утрымліваюцца (беларускімі ўладамі);
Заклікае нацыянальныя міністэрствы і адукацыйныя органы па ўсёй Еўропе забяспечыць бяспечныя акадэмічныя шляхі і падтрымку (уключаючы стыпендыі, паскоранае афармленне віз і спрашчэнне патрабаванняў да дакументаў) для студэнтаў і студэнтак, закранутых гэтай палітыкай;
Пацвярджае неабходнасць пастаяннага маніторынгу парушэнняў акадэмічнай свабоды ў Беларусі і ў іншых краінах у супрацоўніцтве са студэнцкімі саюзамі і грамадзянскай супольнасцю;
Выказвае поўную салідарнасць з беларускімі студэнтамі і студэнткамі, якія сутыкаюцца з сістэмным дзяржаўным ціскам і застаюцца адданымі да атрымання адукацыі як сродку асабістага і грамадскага развіцця.
Забяспечваючы доступ да адукацыі нягледзячы на палітычныя рэпрэсіі, еўрапейская акадэмічная супольнасць абараняе не толькі правы асобных студэнтаў і студэнтак, але і асноўныя каштоўнасці дэмакратычнай, даступнай і эмансіпацыйнай адукацыі.